О́ПАЛЬСКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл царскімі войскамі сялян в. Опаль і Лядавічы Кобрынскага пав. 5, 6 і 22 снеж. сяляне в. Опаль і Лядавічы спынілі ўсе работы і ў пісьмовай форме выставілі аканому маёнтка патрабаванні: аддаць ім 600 дзес. зямлі, адмяніць адработкі за пашу, вадапой і за праезд да надзелаў, павысіць аплату працы ў маёнтку з 20 кап. да 1 руб. ў дзень, выплаціць ім 120 тыс. руб. за несправядлівае карыстанне памешчыкам спрэчных зямель. 10 снеж. забаставалі 50 батракоў. Памешчык не згадзіўся з патрабаваннямі і выклікаў роту салдат для аховы. На сходзе сяляне вырашылі захапіць маёнтак. 30 снеж. каля 700 чал. з абедзвюх вёсак пайшлі да сядзібы Салдаты адкрылі агонь: забілі 5 і цяжка паранілі 7 чал., 31 снеж. сяляне абяззброілі патруль і праніклі ў маёнтак. Быў забіты яшчэ 1 селянін. У маёнтак прыбыў эскадрон драгун, павет аб’яўлены на становішчы ўзмоцненай аховы.
К.І.Шабуня.
т. 11, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)